МАГНІТАРУ́ХАЛЬНАЯ СІ́ЛА,

намагнічвальная сіла, фізічная велічыня, што характарызуе здольнасць крыніц магн. поля (эл. токаў) ствараць магнітныя патокі. Уводзіцца для разлікаў магнітных ланцугоў па аналогіі з электрарухальнай сілай эл. ланцугоў.

М.с. роўная цыркуляцыі напружанасці магнітнага поля H→ па замкнёным контуры L, які ахоплівае эл. токі, што ствараюць гэтае поле: F = ∮ H→ ∙ dl→ = ∑ i=1 n Ii , дзе dl→ — элемент контуру L, накіраваны ў напрамку абходу, n — колькасць праваднікоў (віткоў) з токамі Ii, ахопленых контурам L. Адзінка М.с. ў СІ — ампер (або ампер-віток).

М.​А.​Караткевіч.

т. 9, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)